Педагогу

Беларускае чытанне / планы уроков



Беларускае чытанне / планы уроков

Тэма: “Прыметы восені”
Матэрыял да ўрока:
Якуб Колас “Адлёт жураўлёў”;
Міхась Пазнякоў “Клёны”
Адукацыйныя мэты: удасканальваць правільнае, асэнсаванае, беглае чытанне, развіваць уменне выкарыстоўваць сродкі выразнага чытання, назіраць за рыфмай вершаў, вызначаць іх агульны эмацыянальны настрой, вылучаць эмацыянальна-ацэначныя словы і асэнсоўваць іх функцыянальнае прызначэнне, узнаўляць мастацкія вобразы праз слоўнае маляванне карцін прыроды.

План урока

І. Уступная гутарка

— Прачытайце тэму раздзела (тэма раздзела запісана на дошцы). Якой пары года будуць прысвечаны творы ў гэтым раздзеле?

Паслухайце і адгадайце загадку:

Апусцелі палі,
Хлеб у свірны звязалі,
Дождж палівае, шпак не спявае…
Калі гэта бывае?

І. Муравейка

— Адкрыйце і прачытайце эпіграф да тэмы. Пра які восеньскі агонь гаворыць С.Дзяргай? Якія змены адбываюцца ў прыродзе восенню?

ІІ. Праца з вершам Я.Коласа “Адлёт жураўлёў”.

1. Чытанне верша настаўнікам.
2. Вызначэнне агульнага эмацыянальнага настрою верша (пытанне № 1 падручніка).
3. Самастойнае чытанне верша вучнямі. Мэта – прачытаць верш, падрыхтавацца да гутаркі па змесце твора.
4. Гутарка па змесце верша
— Як паэт гаворыць пра надыход восені?
— Чаму восень аўтар называе смутна й часінай?
— Якія карціны восені малюе паэт? Якія мастацкія сродкі для гэтага выкарыстоўвае? Знайдзіце словы з памяншальна-ласкальным значэннем і зачытайце іх. Якую ролю яны выконваюць?
Вучням прапануецца падрыхтаваць адказы на пытанне № 3.
5. Выбарачнае чытанне (адказ на пытанне № 4)
ІІІ. Праца на вершам М.Пазнякова “Клёны”
1. Самастойнае чытанне верша вучнямі. Падрыхтоўка да асэнсаванага ўспрымання верша (слоўнік на 18 стар. падручніка)
2. Вызначэнне агульнага эмацыянальнага настрою верша
— Якое пачуццё ўзнікае, калі чытаеш гэты верш?
3. Гутарка па змесце верша (адказы на пытанні № 1,2). З чым параўноўвае аўтар восень? Якія словы дапамагаюць нам уявіць восень, клёны, лісты як жывыя істоты?
4. Слоўнае маляванне карцін прыроды
— Якія малюнкі можна намаляваць да гэтага верша?
— Параўнайце карціны восені, якія адлюстраваны ў гэтых вершах. Што іх аб’ядноўвае і чым яны адрозніваюцца?
5. Падрыхтоўка да выразнага чытання
Вучні чытаюць вершы і самастойна вызначаюць мэту выразнага чытання (што трэба перадаць слухачам пры чытанні), пад кіраўнітвам настаўніка вызначаюць паўзы, тон, лагічны націск.
ІV. Выразнае чытанне вершаў (на выбар) вучнямі
Конкурс на лепшага чытальніка.
V. Дамашняе заданне: вывучыць верш на памяць на выбар

Урок 2.
Тэма: “Падрыхтоўка жывёл да зімы”
Матэрыял да ўрока:
Мікола Хведаровіч “Верасень”,
Эдуард Шым “Цяжкая праца”
Адукацыйныя мэты: удасканальваць правільнае, асэнсаванае, беглае чытанне, развіваць уменне выкарыстоўваць сродкі выразнага чытання, назіраць за рыфмай вершаў, вызначаць іх агульны эмацыянальны настрой, прагназаваць змест твора па загалоўку, распазнаваць аўтара ў творы, яго адносіны да героя твора, вызначаць тэму і галоўную думку твораў.

План урока

І. Праца над вершам Міколы Хведаровіча “Верасень”
1. Самастойнае чытанне верша вучнямі з мэтай падрыхтоўкі да асэнсаванага ўспрымання верша, вызначэнне незразумелых слоў.
Ржэўнік – поле, на якім засталося ржышча.
2. Чытанне верша “Верасень” вучнямі ўслых
3. Вызначэнне агульнага эмацыянальнага настрою верша
Які настрой абудзіў у вас верш?
4. Гутарка па змесце верша
— Якой паказаў нам аўтар восень?
— Якія карціны лясной прыроды апісаны аўтарам?
— Знайдзіце і зачытайце словы, якія дапамагаюць паэту прадставіць лясную прыроду як жывую істоту.
— Якая тэма гэтага верша?
4. Падрыхтоўка і выразнае чытанне верша вучнямі.
ІІ. Праца над творам Эдуарда Шыма “Цяжкая праца”
1. Прагназаванне зместу твора па загалоўку і малюнку.
Прачытайце загаловак апавядання і разгледзьце малюнак на стар. 19 падручніка. Паспрабуйце расказаць, пра што будз ісці гаворка ў гэтым творы. 2. Падрыхтоўка да асэнсаванага чытання апавядання (слоўнік — стар. 19 падручніка)
Хвоя-выварацень – паваленая хвоя з вывернутым з зямлі коранем. 3. Чытанне апавядання настаўнікам.
4. Гутарка па змесце прачытанага з выкарыстаннем пытанняў і заданняў падручніка на стар.19. Выбарачнае чытанне.
— Ад чыйго імя напісана апавяданне?
— Якая галоўная думка твора?
— На якую тэму гэты твор?
ІІІ.Падвядзенне вынікаў урока.
Што аб’ядноўвае верш М. Хведаровіча “Верасень” і апавяданне Э. Хведаровіча “Цяжкая праца”?
ІV. Дамашняе заданне. Падрыхтаваць вусны адказ на пытанне № 5 – стар. 19 падручніка.

Урок 3.
Тэма: “Дружба з малодшымі”
Матэрыял да ўрока:
Уладзімір Дубоўка “Хованкі”
Адукацыйныя мэты: удасканальваць правільнае, асэнсаванае, беглае чытанне, на практычным узроўні засвойваць значэнне выразаў “рэальны і гумарыстычны змест”, выяўляць сэнсавыя сувязі паміж падзеямі ў творы, выказваць уласныя адносіны да да ўчынкаў дзеючых асоб; дзяліць тэкст на сэнсавыя часткі;
удасканальваць уменні вучняў падбіраць самастойна (ці з дапамой бібліятэкара) кнігі па пэўнай тэматыцы, самастойна знаёміцца са зместам кнігі, адказваць на пытанні па змесце прачытанага.

І. Падрыхтоўка да асэнсаванага ўспрымання апавядання
— Паслухайце невялікі твор. Вызначце, які змест твора: рэальны, гумарыстычны. Чаму вы так мяркуеце? Як можна назваць такі твор? (жартам)

— Мушу вам сказаць, што ваш сабака зноў усю ноч пад маім акном выў і брахаў.
— — Не хвалюйцеся: ён удзень выспаўся.

ІІ. Праца з творам Уладзіміра Дубоўкі “Хованкі”
1. Лексічная работа (слоўнік – стар.23 падручніка).
2. Чытанне тэксту вучнямі “ланцужком”.
3. Гутарка па змесце прачытанага з выкарыстаннем пытанняў падручніка – стар. 23. Выбарачнае чытанне.
4. Дзяленне апавядання на сэнсавыя часткі.
На колькі частак можна падзяліць гэты твор? Аб чым гаворыцца ў кожнай частцы? Зачытайце іх.
ІІІ. Падвядзенне вынікаў урока.
— Параўнайце змест двух твораў: той, які вы чулі, і апавяданне У.Дубоўкі. Які з іх гумарыстычны?
— Прачытайце прыказкі. Растлумачце, як вы іх разумееце.

Лёгка пасварыцца, цяжэй памірыцца.
Шануй людзей, то і цябе пашануюць.
Ласкавае слова – што дзень ясны.

Якая з прыказак падыходзіць да апавядання “Хованкі”?
Якая галоўная думка гэтага апавядання?
ІІІ. Пазакласнае чытанне
Тэма:”Праца людзй восенню”
Гэтую частку ўрока настаўнік плануе і арганізуе ў адпаведнасці з узроўнем падрыхтоўкі свайго класа.
ІV. Дамашняе заданне.
Падрыхтаваць падрабязны пераказ адной з частак твора У.Дубоўкі “Хованкі” на выбар.
Пазакласнае чытанне: прачытаць дзве беларускія казкі

Урок 4.
Матэрыял да ўрока:
Максім Лужанін. Вуж. (стар. 24);

Максім Танк. Бабка. стар. 25)
Пятро Граніт. Зайчыкаў хлеб. (стар. 26)
Адукацыйныя мэты: удасканальваць правільнае, асэнсаванае, беглае чытанне, фарміраваць уменне вызначаць мастацкія асаблівасці азначэння, развіваць уменне назіраць за рыфмай верша, параўноўваць жанравыя асаблівасці верша і казкі, маляваць словамі партрэт вобраза бабкі.

І. Падрыхтоўка да ўспрымання вершаў.
1. Адгадванне загадак:

а). Улетку шэранькі, узімку беленькі, доўгія вушкі мае, хутка ў лес уцякае.
(зайчык)

б). Пра якую пару года ідзе гаворка?

Апусцела поле, нівы адцвілі.
Праплываюць хмары
Нізка над стагамі,
І ляцяць у вырай
З крыкам жураўлі.
На рабіне скачуць
Шустрыя сініцы,
Пад дажджом намоклі
Клёны і дубы.

2. прачытайце назвы твораў, з якімі мы сёння пазнаёмімся.
Як вы думаеце, пра што з іх мы даведаемся?
ІІ. Праца над вершам Максіма Лужаніна “Вуж”
5. Што вы ведаеце пра вужа?
6. Самастойнае чытанне верша вучнямі спачатку сам сабе, а потым услых выразна.
Прачытайце верш, падрыхтуйцеся чытаць услых выразна.
7. Гутарка пра асаблівасці размяшчэння радкоў верша і вызначэнне яго рыфмы.
Успомніце пра паводзіны вужа ў прыродзе і звярніце ўвагу на размяшчэнне радкоў верша. Што хацеў гэтым падкрэсліць аўтар?
ІІІ. Праца над вершам Максіма Танка “Бабка”
1. Лексічная работа

Даланясты – памерам з далонь

2. Самастойнае чытанне верша вучнямі. Падрыхтоўка да асэнсаванага ўспрымання верша.
— Прачытайце верш. Вызначце незразумелыя словы і выразы.
3. Вызначэнне агульнага эмацыянальнага настрою верша
— Ці спадабаўся вам верш? Што ўразіла асабліва?
4. Гутарка па змесце верша з выкарыстаннем пытанняў падручника.
5. Знайдзіце ў вершы азначэнні, вызначце іх ролю.
6. Слоўнае маляванне вобраза бабкі
— Якой вы ўяўляеце сабе бабку? Якія словы аўтара падказваюць, як яна выглядае? Намалюйце яе словамі. Растлумачце, чаму менавіта вы ўяўляеце бабку такой.
7. Назіранне за рыфмай і рытмам верша.
— Знайдзіце ў тэксце словы, якія рыфмуюцца. Вызначыце тыя словы, на якія падае лагічны націск. З дапамогай чаго мы выдзяляем гэтыя словы пры чытанні?
8. падрыхтоўка да выразнага чытання верша.
9. Выразнае чытанне верша вучнямі.
ІV. Праца над вершам П. Граніта “Зайчыкаў хлеб”
1. Устаноўка на слуханне верша. Лексічная работа.
Падумаць, на які вядомы жанр дзіцячых твораў па змесце падобны гэты верш.
2. Слуханне казкі вучнямі. Адказ вучняў на пастаўленае пытанне.
3. Самастойнае чытанне верша вучнямі з мэтай падрыхтоўкі да выразнага чытання.
4. Выразнае чытанне верша вучнямі. Выкананне заданняў да верша.
V. Падвядзенне вынікаў ўрока.
Якія творы, прачытаныя на ўроку, падобныя да казкі? Успомніце, што з’яўляецца абавязковым для казкі як жанра дзіцячай літаратуры. Які верш можна назваць жартоўным?
VІ. Дамашняе заданне. Падрыхтаваць выразнае чытанне верша (на выбар)

Урок 5.
Матэрыял да ўрока:
Васіль Вітка. Жарт.
Дзе тут прыказкі, а дзе народныя прыметы?
Пытанні і заданні па тэме.

Адукацыйныя мэты: удасканальваць правільнае, асэнсаванае, беглае чытанне, пазнаёміць з жанравымі асаблівасцямі мовы і будовы прыказак і прымавак як малых фальклорных форм, развіваць уменне асэнсоўваць і выказваць уласнае разуменне прыказак і прымавак, паўтарыць і абагульніць веды вучняў па тэме раздзела.

І. Маўленчая размінка.
Чытанне і прагаворванне скорагаворкі, запісанай на дошцы:

Прыручыць сароку – адна марока.
А сорак сарок – сорак марок.

З якой мэтай у мове выкарыстоўваецца скорагаворка? Які гук часцей за ўсё паўтараецца? Да якога жанру літаратурных твораў адносіцца скорагаворка? ІІ. Праца над вершам В.Віткі “Жарт”
o Падрыхтоўка да ўспрымання верша В.Віткі “Жарт”
Назваць словы, падобныя па гучанні.
o Самастойнае чытанне вучнямі верша “Жарт”. Адказ на пытанне.
o Выразнае чытанне верша і аналіз.
Яшчэ раз назавіце словы, падобныя па гучанні. Якая яшчэ мастацкая асаблівасць выкарыстана ў будове верша? Што нагадвае вам гэты верш па сваёй будове?
ІІІ. Падрыхтоўка да працы над прыказкамі і прыметамі
1. Прачытайце прыказкі, запісаныя на дошцы. Як вы разумееце іх сэнс?

Летнюю часінку зімовым тыднем не заменіш.
Вясну хваляць за дажджы і сонца, а лета – за снапы і вазы.
Лета прагуляўшы, восенню не збярэш.

Успомніце, што з’яўляецца найбольш характэрным для прыказак. Укажыце асаблівасці будовы, мовы прыказак.
2. Праца па падручніку.
а). Самастойна прачытайце сказы на стар.27. Паспрабуйце вызначыць, дзе прыказка, а дзе народная прымета.
б). Прачытайце спачатку прыказкі, а потым прыметы. Аргументуйце свой адказ.
Як адрозніць прыказку ад прыметы?
ІV. Абагульненне па раздзеле “На ніцях белай павуціны прывозяць восень павучкі…”
1. Прачытайце на стар.16 назву раздзелу. Успомніце, на якую агульную тэму былі ўсе творы, з якімі мы пазнаёміліся ў гэтым раздзеле. Якія творы вам спадабаліся і запомніліся?
Прачытайце эпіграф да раздзела. Адкажыце на апошняе пытанне на стар.28.
2. Літаратурная віктарына “Адгадай, з якіх вершаў гэтыя радкі?” (падручнікі ў вучняў закрытыя, радкі зачытвае настаўнік, ці адзін з вучняў).
V. Дамашняе заданне. Вывучыць скорагаворку на памяць (стар.27), падрыхтаваць сваю прымету пра восень.

Раздзел “З рога ўсяго многа” (5 г.)
Урок 1.
Матэрыял да ўрока:
Казка “З рога ўсяго многа”
Адукацыйныя мэты: удасканальваць правільнае, асэнсаванае, беглае чытанне, пашыраць веды вучняў пра жанравыя асаблівасці казкі, фарміраваць уменні прагназаваць змест раздзелу, вызначаць тэму і галоўную думку казкі, вылучаць кампазіцыйныя часткі твора, самастойна складаць план, выказваць уласныя адносіны да дзеючых асоб і зместу твора, выбарачна пераказваць.

І. Прачытайце назву раздзелу. Разгледзьце замалёўку, прачытайце эпіграф і паспрабуйце спрагназаваць, з якімі творамі і якога жанру мы будзем знаёміцца.
ІІ. Маўленчая размінка.
Прачытайце верш. Паспрабуйце здагадацца, пра каго ідзе размова.

Недарэмна я хадзіў
Па вясёлым свеце,
Наглядзеўся розных дзіў,
Так патрэбных дзецям.
У мяшку вялізны звязак
Новых, незвычайных казак.

В.Вітка.

Вось і да нас завітаў сягодня казачнік Бай.
ІІІ. Праца над казкай “З рога ўсяго многа”
1. Лексічная работа. Падрыхтоўка да ўспрымання казкі “З рога ўсяго многа” Прачытайце запісаныя на дошцы словы і тлумачэнне да іх:

Загончык – невялічкі кавалачак зямлі, градка.
Проса – злакавая расліна, з якой вырабляюць крупу пшано.
Жораў – журавель.
Досвіткам – на ўсходзе сонца, на золку.

Прачытайце словы, змешчаныя ў слоўніку на стар.33.
1. Чытанне казкі ланцужком вучнямі.
2. Аналіз зместу казкі з выкарыстаннем пытанняў і заданняў № 1-5 падручніка.
Якая галоўная думка , мараль гэтай казкі?
3. Выбарачнае чытанне казкі. Складанне плана казкі.
а). Яшчэ раз уважліва перачытайце пытанні на стар.33. Спачатку знайдзіце і зачытайце адказ на пытанне № 6. Як называецца гэтая структурная частка казкі? Знайдзіце і зачытайце адказы на наступныя пытанні. Вызначце галоўную думку кожнай часткі.
4. Падрыхтоўка і пераказ казкі.
Першы рад вучняў рыхтуе і пераказвае 1 2 частку,
Другі рад – 3 і 4 частку,
Трэці рад вучняў пераказвае 5 і 6 часткі казкі
ІV. Дамашняе заданне. Падрыхтаваць пераказ часткі (на выбар) казкі “З рога ўсяго многа”.

Урок 2.
Матэрыял да ўрока:
Казка “Сцізорык”.
Пазакласнае чытанне “Беларускія народныя казкі”
Адукацыйныя мэты: удасканальваць правільнае, асэнсаванае, беглае чытанне, фарміраваць уменні супастаўляць кампазіцыйную будову аўтарскай і народнай казак, вызначаць ролю прыказак і прымавак у казцы;
удасканальваць уменні вучняў падбіраць самастойна (ці з дапамой бібліятэкара) кнігі па пэўнай тэматыцы, самастойна знаёміцца са зместам кнігі, адказваць на пытанні па змесце прачытанага, вызначаць тэму прачытаных твораў.
І. Праца над казкай “Сцізорык”
1. Падрыхтоўка да працы над зместам казкі. Лексічная работа.
Прачытайце словы , запісаныя на дошцы, запомніце іх значэнне

Стайня – канюшня
Аканом – чалавек, які вёў панскую гаспадарку
Выжал– сабака-ганчак

Прачытайце тлумачэнне іншых слоў у падручніку – стар.39.
2. Самастоўнае чытанне казкі вучнямі.
3. Праверка першаснага ўспрымання.
Ці спадабалася вам казка? Чым яна вас уразіла? Які герой запомніўся?
4. Гутарка па змесце казкі з выкарыстаннем пытанняў № 1-4 у падручніку.
5. Вызначэнне ролі прыказак і прымавак у казцы. Выкананне задання № 5.
Вызначце, якую ролю выконваюць яны ў казцы.
6. Падрыхтоўка і выразнае чытанне ўрыўка казкі па ролях.
7. Супастаўленне будовы аўтарскай і народнай казак.
Успомніце, з з якіх кампазіцыйных частак складаецца народная казка. Якія зачыны і канцоўкі народных казак вы ведаеце? Вызначце кампазіцыйную будову ў казцы А.Якімовіча. Параўнайце яе з кампазіцыйнай будовай народнай казкі. Які вывад можна зрабіць?
ІІ. Пазакласнае чытанне. Тэма:” Беларускія народныя казкі”
Гэтую частку ўрока настаўнік плануе і арганізуе ў адпаведнасці з узроўнем падрыхтоўкі свайго класа.
ІV. Дамашняе заданне. Падрыхтаваць выразнае чытанне па ролях размовы Сцёпкі і пана.
Дамашняе заданне па пазакласнаму чытанню: падрыхтаваць загадкі пра зіму.

Урок 3.
Матэрыял да ўрока:
Казка. Ад крадзенага не пасыцееш.
Беларускія і рускія прыказкі.

Адукацыйныя мэты: удасканальваць правільнае, асэнсаванае, беглае чытанне, фарміраваць уменні вызначаць тэму і галоўную думку казкі, дзяліць казку на сэнсавыя часткі і самастойна складаць план, у форме пытальных сказаў, пераказваць часткі казкі па плане, назіраць за асаблівасцямі будовы і мовы малых фальклорных жанраў, вызначаць ролю прыказак і прымавак у казцы.

І. Праца над казкай “Ад крадзенага не пасыцееш”
1. Падрыхтоўка да працы над зместам казкі.
1.1. Прачытайце верш В.Віткі. Растлумачце, чаму так называецца верш.

Радасць
У ахвоту работу зрабіўшы,
Палюбуйся, як добра ўсё выйшла.
Лепшай радасці ў свеце няма:
— Я зрабіў гэта сам!
— — Я зрабіла сама!

1.2. Прачытайце прыказкі. Як вы разумееце іх сэнс.

Сумленная праца – наша багацце.
Жыццё даецца чалавеку на добрыя справы.
Чалавек без працы, што птушка без крылаў.

Сэнс якой з прыказак адпавядае вершу.
2.Лексічная работа
Каваль – кузнец
Знайдзіце і прачытайце ў падручніку тлумачэнне слова “сталы”.
3. Прагназаванне зместу твора па загалоўку
Прачытайце назву твора. Як вы думаеце, пра што будзе ісці гаворка ў казцы?
4. Чытанне казкі вучнямі “ланцужком”
5. Праверка першаснага ўспрымання.
Ці спадабалася вам казка? Чым яна вас уразіла?
6. Гутарка па змесце казкі.
З якой мэтай бацька павёў сыноў у свет? Якую работу выбраў сабе старэйшы сын? Як людзі ставіліся да яго працы? Ці ўдалося малодшаму сыну адразу знайсці сабе работу? Ці лёгка выбраць сабе адпаведную спецыяльнасць і што для гэтага трэба?
7. Выбарачнае чытанне (адказы на пытанні падручніка – стар.42)
8. Дзяленне казкі на сэнсавыя часткі і складанне плана
Падумайце, на колькі частак можна падзяліць тэкст казкі. Вызначце галоўную думку кожнай часткі. Дайце загаловак.
9.Пераказ частак казкі адпаведна складзенаму плану.
ІІ. Праца над будовай і мовай малых фальклорных жанраў
1. Чытанне вучнямі артыкула “Беларускія і рускія прыказкі”
Успомніце, у чым заключаецца асаблівасць прыказкі. Якая будова прыказкі?
Што можна сказаць пра асаблівасць мовы прыказкі?
2. Знайдзіце і прачытайце прыказку ў казцы. Паспрабуйце падабраць да яе падобную з рускай мовы.
ІІІ. Дамашняе заданне. Падрыхтаваць пераказ казкі блізка да тэксту.

Урок 4.
Матэрыял да ўрока:
Казка. Залаты збан.
Адукацыйныя мэты: удасканальваць правільнае, асэнсаванае, беглае чытанне, фарміраваць уменні вызначаць тэму і галоўную думку казкі, узнаўляць мастацкі вобраз бацькі (слоўнае маляванне вобраза бацькі ), дзяліць казку на сэнсавыя часткі і самастойна складаць план, пераказваць казку па плане
І. Праца над казкай “Залаты збан”
1.1. Падрыхтоўка да працы над зместам казкі. Лексічная работа.
Прачытайце словы і растлумачце, што яны абазначаюць.

Скарга — …
Адбітак — …
Паслухаць рады — …
Спатыкаць каго-небудзь —

1.2. Чытанне казкі ўслых вучнямі па частках.
1.3. Праверка першаснага ўспрымання.
Ці спадабалася вам казка? Хто з дзеючых асоб вас уразіў?
1.4. Гутарка па змесце казкі.
Раскажыце, якім вы ўяўляеце цара. Зачытайце ўрывак з казкі, дзе гаворыцца пра яго нораў. Чаго больш за ўсё баяўся цар? Чаму? Знайдзіце адказ у тэксце казкі. Што ён загадаў рабіць са старымі? Што вы даведаліся пра Аскера? Прачытайце прыказкі, запісаныя на дошцы. Якая з іх падыходзіць да характарыстыкі гэтага хлопца?

Той не можа быць другам, хто абыдзе ў бядзе кругам.
Адважны там знойдзе, дзе баязлівы згубіць.
Шануй людзей, то і цябе пашануюць.
Хто бацьку і маці зневажае, той дабра не знае.

Якім паказаны бацька Аскера? Знайдзіце і прачытайце, пра што запытаўся цар у Аскера, калі той прынёс яму збан. Як з той пары пачалі адносіцца да старых? Знайдзіце ў казцы і прачытайце адказ.
ІІ. Падрыхтоўка і пераказ казкі
2.1. Яшчэ раз перачытайце пытанні № 1-4. Выкарыстоўваючы гэтыя пытанні, складзіце і зачытайце план казкі. На колькі частак падзялілі казку? Падрыхтуйцеся іх пераказваць.
2.2. Пераказ частак казкі.
ІІІ. Дамашняе заданне. Падрыхтаваць выразнае чытанне казкі.
Урок 5.
Матэрыял да ўрока:
Абагульненне па тэме раздзела “З рога ўсяго многа”
Адукацыйныя мэты: удасканальваць правільнае, асэнсаванае, беглае чытанне, паўтарыць і абагульніць веды вучняў па тэме раздзела, замацоўваць веды вучняў пра структурную будову казкі, жанравыя асаблівасці мовы і будовы прыказак і прымавак як малых фальклорных форм, развіваць уменне асэнсоўваць і выказваць уласнае разуменне ролі канцовак казак, прыказак і прымавак у казках.

І. Праца над структурнай будовай казкі.
1.1. Успомніце, з якіх абавязковых частак складаецца казка. Якую ролю выконвае зачын? Прывядзіце прыклады зачынаў, якія помніце.
1.2. Якую ролю выконвае канцоўка ў казцы?
Чытанне вучнямі артыкула “Канцоўкі казак”
1.3. Гутарка па змесце артыкула з выкарыстаннем пытанняў падручніка – стар. 49.
1.4. Ці заўсёды казкі заканчваюцца традыцыйнымі канцоўкамі? Канцоўкі характэрныя для народных казак ці выкарыстоўваюцца і ў літаратурных (аўтарскіх) казках?
Прачытайце канцоўкі казак, запісаныя на дошцы:

Вось вам і казка. Чытайце, калі ласка!

Сталі жыць-пажываць ды дабра нажываць.

Жывуць-пажываюць і бяды-ліха не знаюць.

А гусям далі аўса.
Тут і казка ўся.

І я там быў.
За тым сталом
І еў, і піў.
Што там было весялосці
І смеху!
Папаелі госці
Грыбоў і арэхаў.
Былі мёд і квас там,
Бульба, селядзец.
Хто праслухаў казку –
Той маладзец. (В.Вітка)
Слова за словам –
І казкам канец,
Хто зразумеў іх –
Той маладзец! (Паводле А Вольскага)

Якія канцоўкі вам спадабаліся больш за іншыя?
ІІ. Абагульненне па тэме раздзела.
2.1. Прачытайце назву раздзела і адкажыце, чаму ён так названы. Успомніце назвы казак, з якімі пазнаёміліся ў гэтым раздзеле.
2.2. Падрыхтуйце адказы на пытанні і заданні 1, 2, 3 – стар.49.
2.3. Чытанне прыказак – стар.48.
Растлумачце, як вы разумееце іх значэнне? Якія з іх адпавядаюць зместу прачытаных казак? У чым адрозненне і што агульнага паміж казкамі і прымаўкамі?
ІІІ. Конкурс на лепшае расказванне казкі (невялікай па памеры).
ІV. Дамашняе заданне. Падрыхтаваць пераказ сваёй любімай казкі.

Вступить в клуб:

Мой новый канал:

Интересные гадания

колода карт

Канал на YouTube: 

Видео гадания

Фэйсбук 

вКонтакте 

Instagram 

Насколько публикация полезна?

Нажмите на звезду, чтобы оценить!

Средняя оценка 5 / 5. Количество оценок: 3

Оценок пока нет. Поставьте оценку первым.

Так как вы нашли эту публикацию полезной...

Подписывайтесь на нас в соцсетях!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Translate »
error: Content is protected !!